Главная>Сервисы>Архив новостей
Сервисы
Архив новостей
14 декабря 2020 г.Архив...
З народнапаэтычнай спадчыны

 

Серыя «З народнапаэтычнай спадчыны» складаеца з пяці кніг і змяшчае выдатныя тэксты беларускага фальклору.

Ідэя серыі «З народнапаэтычнай спадчыны» ўзнікла ў дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэміка Аляксандра Лакоткі пасля ўдзелу ў Першым навуковым форуме вучоных-гуманітарыяў, які адбыўся ў верасні 2015 г. у Шанхаі і Пекіне.

Перад творчым калектывам, куды акрамя А. Лакоткі увайшлі Т. Кухаронак і аўтар гэтых радкоў, паўстала задача – рас­працаваць навуковую канцэпцыю серыі выданняў і з мноства выдатных тэкстаў беларускага фальклору адабраць найбольш яскравыя і самабытныя, у якіх заключаны тыя агульначалавечыя каштоўнасці, што маюць важнае і спрадвечнае значэнне для інтэграцыі ўнікальных помнікаў беларускай народнай творчасці ў сусветны культурны кантэкст. Гэтай мэце са­дзейнічаў пераклад фальклорных тэкстаў на кітайскую і англійскую мовы (перакладчык – А. Раманоўская). Дапаўняе творы ілюстратыўны рад, выкананы прафесійнымі мастакамі – выкладчыкамі і студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (мастацкі рэдактар – У. Свентахоўскі).

***

Серыя складаеца з пяці кніг – ад малых жанраў (парэмій) да празаічных. Першая кніга «Прымаўкі ды прыказкі – мудрай мовы прывязкі» выйшла ў Выдавецкім доме «Беларуская навука» ў 2017 г. Гэта сапраўдная анталогія нацыянальнай думкі, мыслення, філасофіі; сведчанне таго, як трэба ставіцца да жыцця, яго праяўленняў і падзей. Сутнасць погляду на рэчы адначасова простая і складаная: сітуацыю неабходна прыняць такой, якая яна ёсць, – дадзеную багамі, нябёсамі, лёсам і г. д. Прыказкі і прымаўкі захаваліся да нашага часу. Яны характарызуюць рэаліі, што будуць хваляваць чалавека заўсёды (каханне, стварэнне сям’і, нараджэнне і выхаванне дзяцей, узаемаадносіны з іншымі людзьмі, любоў да вялікай і малой радзімы).

***

Другая кніга – «Бегла ліска каля лесу блізка…» (2018) – знаёміць з такім жанрам, як загадка. Гэта ўнікальны элемент мастацкай творчасці чалавецтва, уласцівы многім старажытным і сучасным цывілізацыям і народам. У беларускай культуры яна праявілася ў шматлікіх маляўнічых метафарах, здольных прывабліваць не толькі дзяцей, але і дарослых чытачоў сваёй непаўторнасцю, фантастычнасцю і нават сюррэалістычнасцю. Падобныя жанры са­дзейнічаюць развіццю творчай фантазіі, дапамагаюць убачыць незвычайнае ў звычайным, наноў зрабіць адкрыцці ў будзённых рэчах і кожную хвіліну здзіўляцца непаўторнасці нават самай малой часцінкі навакольнага асяроддзя.

***

Для трэцяй кнігі – «Хадзі, сонейка, да нас…» (2019) – былі абраны фальклорныя творы, якія складаліся для дзяцей і самімі дзецьмі. Дзіцячы фальклор выконвае выхаваўчую функцыю: гэта свое­асаблівае праграмаванне дзіцяці на будучае жыццё, кароткае вершаванае апавяданне пра тое, як трэба весці гаспадарку, клапаціцца пра іншых. Каштоўнасць калыханак, забаўлянак і заклічак заключаецца ў цеснай узаемасувязі дарослага і дзіцяці, дзякуючы якой ад старэйшага пакалення да малодшага перадаюцца веды, традыцыі, погляды на жыццё, успрыманне прыроды, назапашаныя не толькі ў канкрэтнай сям’і, але і ў этнічнай культуры ўвогуле.

***

Зусім нядаўна выйшла кніга «І я там быў…» (2020), прысвечаная беларускім народным казкам. Гэты жанр паказвае свое­асаблівую трансфармацыю вобразаў і іх запатрабаванасць у сучасным грамадстве, пра што сведчыць літаратура фэнтэзі ХХ–ХХІ стст. У ёй казачныя персанажы (гномы, эльфы, чараўнікі, ведзьмакі, нават Баба Яга і Кашчэй) набываюць новае жыццё, іх вобразы са статычных ператвараюцца ў жывыя характары, што на працягу дзеяння змяняюцца ў залежнасці ад матывацыі сваіх паводзін. Як ні дзіўна, нават з’яўленне новых тэхналогій дало новы штуршок развіццю чарадзейнай казкі ў віртуальнай рэальнасці. Так, пры стварэнні сюжэтных камп’ютарных гульняў у іх узнікае старажытны фантастычны свет, дзе, як і ў казках, дабро змагаецца са злом, а ў якасці персанажаў абіраюцца прынцэсы і прынцы (рыцары, ваяры), іх памочнікі (чароўныя коні, эльфы і гномы), незвычайныя рэчы. На баку злых сіл – цмокі, ведзьмы і чараўнікі. Здаецца, што гэтыя спрадвечныя тэмы (дабро і зло, дапамога і здрада, здольнасць працаваць у камандзе і адказваць за свае ўчынкі) будуць запатрабаваныя заўсёды. Не губляецца актуальнасць казкі як фальклорнага жанру і ў навуковым асяродку. Сведчаннем гэтаму стаў першы Міжнародны форум «Казка ў еўрапейскай прасторы: гісторыя і сучас­насць», які адбыўся ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры 17–18 мая 2018 г.

На наступны год запланавана выданне кнігі «У пошуках папараць-кветкі…», дзе будуць прадстаўлены адны з найбольш загадкавых і паэтычных твораў – беларускія народныя легенды і паданні, у якіх адлюстраваны міфапаэтычныя погляды на стварэнне свету, узнікненне геаграфічных назваў і прыродных аб’ектаў.

Алена АЛФЁРАВА,

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Источник: "Навука"