Главная>Сервисы>Архив новостей
Сервисы
Архив новостей
20 мая 2020 г.Архив...
Выйшла ў свет энцыклапедыя «Жыровічы: пад святым Пакровам»

2020 год шмат у чым юбілейны для Жыровічаў. Сёння, 20 мая, спаўняецца 550 гадоў з’яўлення ўнікальнай нацыянальнай хрысціянскай святыні – абраза Жыровіцкай Маці Божай, які прызнаны праваслаўнай і каталіцкай канфесіямі цудатворным і ў наш час шануецца не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Яшчэ адна круглая дата – 500-годдзе з дня заснавання Жыровіцкага Успенскага манастыра, які з’яўляецца апорай высокай духоўнасці на землях Беларусі.

З даўніх часоў Жыровічы былі сакральным месцам на карце Беларусі. Пакланіцца Жыровіцкаму абразу Маці Божай прыходзілі не толькі беларусы, але і людзі з іншых краін, розных сацыяльных саслоўяў, у тым ліку каралі польскія і вялікія князі літоўскія Уладзіслаў ІV, Ян Казімір, Ян ІІІ Сабескі і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Сведкам шматлікіх войнаў, якія зведала беларуская зямля, сталі сцены Жыровіцкага Успенскага мужчынскага манастыра. Вытрываўшы ўсе ліхалецці, сёння Жыровічы – аграгарадок, у якім захоўваюцца традыцыі мінулага і робіцца ўсё для стабільнай сучаснасці і будучыні. Тут дзейнічаюць аграрна-тэхнічны каледж, Жыровіцкі Успенскі манастыр, Мінская духоўная семінарыя.

У падрыхтоўцы багата ілюстраванай энцыклапедыі «Жыровічы: пад святым Пакровам» прынялі ўдзел кандыдаты багаслоўя, дактары царкоўнай гісторыі і гістарычных навук, кандыдаты мастацтвазнаўства. Сярод іх намеснік Жыровіцкага манастыра, рэктар Мінскай духоўнай семінарыі М.П.Альпака (архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый); першы прарэктар Мінскай духоўнай семінарыі Ю.М.Сакалоў (іераманах Афанасій); прафесар, першы прарэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі С.П.Стрэнкоўскі; свяшчэннік, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі Г.Э.Шчаглоў; дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Г.А.Лаўрэцкі; протадыякан, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі і Мінскай духоўнай семінарыі П.У.Бубноў. Складальнікам выступіў  А.В.Слесараў – кандыдат багаслоўя, дацэнт, прарэктар па навуковай рабоце Мінскай духоўнай семінарыі, прарэктар па навуковай рабоце і загадчык кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай акадэміі.

Асноўная мова кнігі — беларуская. Самыя значныя артыкулы прадстаўлены ў каляровым прэзентацыйным афармленні на беларускай, рускай і англійскай мовах. У кнізе 232 старонкі, на якіх змешчана каля 200 артыкулаў, больш 200 фотаздымкаў. Амаль усе артыкулы, большасць з якіх друкуюцца ўпершыню, дапоўнены спісам выкарыстанай літаратуры, што мае вялікую каштоўнасць для будучых пакаленняў даследчыкаў гісторыі і сучаснасці Жыровічаў. Тыраж выдання 1000 экз.

Энцыклапедыя «Жыровічы: пад святым Пакровам» будзе цікавай усім, хто імкнецца ведаць больш аб гісторыі і сучаснасці сваёй краіны.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва “БелЭн”.

Источник: сайт Министерства информации