Главная>Сервисы>Архив новостей
Сервисы
Архив новостей
1 апреля 2020 г.Архив...
Зварот да грамадскасці Клімаўшчыны

У сённяшнім нашым тлумным свеце з яго бясконцымі праблемамі і перажываннямі, узлётамі і падзеннямі, пагоняй за матэрыяльным дабрабытам мы заўважаем, што асобныя людзі ўсё радзей і радзей згадваюць пра тое, хто яны, да якой нацыі належаць, на якой зямлі жывуць.

А, можа, справа і не ў нацыі, а проста ў тым, што Беларусь — краіна твайго пражывання або краіна, дзе ты маеш магчымасць і жаданне набыць адукацыю, краіна, дзе ты вядзеш свой бізнес, і так далей.
Мы, не маючы благіх намераў некага пакрыўдзіць, хочам сёння звярнуцца да ўсіх жыхароў нашай гордай і мужнай Беларусі і выказаць свае слушныя думкі ў абарону роднай мовы.

Мова народа — гэта твар нацыі, а калі чалавек грэбуе ёй, то ён дзікун. Згодна з прадстаўленнямі ЮНЭСКА, наша мова па мілагучнасці і прывабнасці займае 2-е месца ў свеце пасля італьянскай.
Мы павінны помніць, калі знікае мова, то адразу страчваюцца духоўныя арыенціры, народ перараджаецца, краіна больш не адпавядае сваёй назве, гібее і гіне.

У час, калі мы сталі незалежнай дзяржавай, калі мы маем свае нацыянальныя сімвалы, калі даказалі свету, што наша мова «такая ж людская і панская, як руская ці французская», здаецца, роднай мове толькі квітнець. Ды не. І зараз, на жаль, сустракаюцца людзі, якія абвінавачваюць носьбітаў беларускай мовы, называюць яе «колхозной», «мовай дзеля таго, каб вывучыцца на настаўніка беларускай мовы» ці яшчэ больш недасведчана «рускай, толькі наадварот». А гэта зусім не так!

Беларуская мова — гэта дзяржаўная мова нашай краіны, і гэтую мову павінны ведаць усе іншыя народы, якія жывуць на гэтай зямлі. На вялікі жаль, не ўсе могуць свабодна весці гаворку на ёй, але ж можна, напрыклад, аддана любіць і паважаць яе, удасканальваць свае веды праз зносіны з людзьмі, якія ёй не грэбуюць.

Памятайце: той, хто губляе павагу ў адносінах да мовы, робіць некалькі крокаў назад у агульна чалавечым развіцці. Наша сувязь з Радзімай, з роднай зямлёй — гэта ўсё ідзе праз мову. Вернешся з чужаземнай вандроўкі, пачуеш гаючыя спеўныя словы і адчуеш пад нагамі сваю зямлю: ты дома, дома. Гэта і ёсць духоўная і душэўная залежнасць асобай вартасці да ўсяго, што стала сімвалам і сутнасцю нашай роднай зямлі.

«Даражыць пявучым гукам кожным, як зярняткам чыстым на сяўбе» трэба кожнаму з нас, каб сумленне і душа ачышчалася і не адчувала сябе зганьбаванай.
Памятайце, абражаючы мову, чалавек страчвае многае. Спачатку мяняецца яго псіхіка, характар, натура, паводзіны, прытупляецца, а потым і зусім знікае пачуццё самапавагі, годнасці і адказнасці.

Суполка настаўнікаў беларускай мовы,
супрацоўнікі ўстаноў культуры, раённая арганізацыя РДГА «Беларускае  таварыства «Веды».

Источник:  Климовичская районная газета «Родная ніва»