Главная>Сервисы>Архив новостей
Сервисы
Архив новостей
4 февраля 2017 г.Архив...
Пабачыла свет кніга Францыска Скарыны «Маем найбольшае самі»

Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў айчынных выдавецтвах адна за другой выходзяць яркія, цікавыя кнігі, звязаныя і з гісторыяй беларускага кнігадрукавання, і з імем Францыска Скарыны. У «Мастацкай літаратуры» — яшчэ адна навінка: пабачыла свет кніга Францыска Скарыны «Маем найбольшае самі». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі паэт Алесь Разанаў у паэтычнай форме пераказаў прадмовы са скарынаўскіх кніг.

Урыўкі з гэтага выдання ўжо друкаваліся ў часопісе «Полымя» і газеце «Літаратура і мастацтва». Сёння чытач мае магчымасць спрычыніцца да мастацкіх адкрыццяў першадрукара і яго перакладчыка. Дарэчы будзе заўважыць, што беларуская старасветчына, гісторыя культуры Беларусі ў даўнія стагоддзі — заўсёдная хвалюючая тэма для Алеся Разанава. Сёння можна смела і аб'ектыўна павіншаваць лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся Разанава і выдавецтва «Мастацкая літаратура», якое пры фінансавай падтрымцы дзяржавы здзейсніла выключна вялікую справу. Прыемна, што кніга выдадзена ў чаканні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Вядомы даследчык, кнігазнаўца Алесь Суша з'яўляецца аўтарам прадмовы да кнігі «Маем найбольшае самі». Вось што піша даследчык: «Неўміручасць слоў Францыска Скарыны даўно спрыяе развіццю аргументацыі ў духоўных памкненнях народа Беларусі. І празорлівыя чытачы гэта бачаць і ўсведамляюць...»

У свой час менавіта Алесь Разанаў быў сярод ініцыятараў нараджэння паэтычнай кнігі «Францыск Скарына на мовах народаў свету». Яна, між іншым, двойчы пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Тварэнне мастацкай гісторыі працягваецца. Сёння следам за Скарынам і Алесем Разанавым мы прачытваем, паўтараем, асэнсоўваем, разважаем: «Пісанне, натхнёнае Богам, / карыснае ўсякаму чалавеку: / для навучання / і разважання, / для ачышчэння / і высвядчэння, / для выпраўлення / і для здзяйснення праўды, / каб дасканалы быў чалавек / і здатны / да ўсякае добрае справы, / як піша апостал Павел».

У свой час кнігі Скарыны яго сучаснікі заўважылі яшчэ і таму, што ён быў наватарам у ілюстраваным, мастацкім прачытанні Бібліі. Важную ролю і цяпер адыгрывае ў падобных выданнях мастацкі складнік. Дызайн і афармленне кнігі ажыццявіла вядомы кніжны графік, дызайнер Тамара Мельянец. Менавіта яна калісьці распрацавала серыю філакартычных выданняў — «У пошуках страчанага». Зразумела, грунтам яе творчых пошукаў у кнізе «Маем найбольшае самі» стала ілюстрацыйная спадчына Францыска Скарыны. Тыраж кнігі, якая бачыцца добрым падарункам для ўсіх, хто неабыякавы да беларускай культуры, беларускага асветніцтва, — 500 экзэмпляраў. Мо як для юбілейнага года і не так шмат?.. Але ж час пакажа — і, пэўна, будзе ў кнігі і другі тыраж.

                                                                                                                                                                                Кастусь ЛАДУЦЬКА

Источник: zviazda.by